МІ́НСКАЯ КЕРА́МІКА,
традыцыйныя вырабы ганчароў 11—18 ст. з Мінска. У 11—15 ст. выраблялі гасп. посуд: гаршкі з накрыўкамі, патэльні, збаны, якія фармавалі з мясц. чырвоных глін на ручным ганчарным крузе прыёмамі спіральнага або кальцавога налепаў. У гліняную масу ў якасці дамешкаў дадавалі буйназярністы пясок, жарству, шамот. Вырабы ўпрыгожвалі сціплым геам. узорам у выглядзе хвалі, зігзага, насечкі, ямкі або лінейнага рыфлення (узор наносілі вострымі прадметамі пасля фармоўкі). Некат. вырабы гартавалі. У 2-й пал. 16—17 ст. посуд фармавалі на нажным ганчарным крузе тэхнікай выцягвання. Значна пашырыўся асартымент: выраблялі кафлю, дахоўку, цэглу, пліткі для падлогі, чорназадымлены і гартаваны посуд (макотры, міскі, талеркі, збаны, кубкі). Для аздаблення ўжывалі пераважна зялёную і жоўта-карычневую паліву. Часта перад глазураваннем посуд грунтавалі ангобам. Больш разнастайнай стала арнаментыка (пераважалі геам. і расл. ўзоры), тэхніка нанясення арнаменту: разам з графічным узорам існавала падглазурная размалёўка ангобам на кубках, збанах, талерках, місках. У дэкоры выкарыстоўвалі штампікі, пуансоны, зубчатыя колцы. Некат. вырабы аздаблялі накладным дэкорам у выглядзе шляка, карніза, разеткі. Вырабы 2-й пал. 18 ст. больш простыя па форме і аздабленні (адсутнічае накладны дэкор, штампаваны ўзор); выкарыстоўвалі глухія эмалі, пашырана размалёўка фарбамі па эмалях.
В.Е.Собаль, У.В.Угрыновіч.
т. 10, с. 426
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)